Crysis

Crysis (МФА: [ˈkɹʌɪsɪs]) — камп’ютарная гульня, навукова-фантастычны шутар ад першай асобы, распрацаваны нямецкай кампаніяй Crytek і выдадзены Electronic Arts. Першая гульня аднайменнай серыі з запланаванай трылогіі. «Crysis» быў выпушчаны 13 лістапада 2007 года ў Паўночнай Амерыцы, 15 лістапада ў Аўстраліі, 16 лістапада ў Еўропе, 23 лістапада ў Новай Зеландыі і 29 лістапада ў Японіі эксклюзіўна для персанальных камп'ютараў. 18 верасня 2008 года, амаль праз год пасля рэлізу, Crysis стаў даступны для спампоўкі праз інтэрнэт-сэрвіс лічбавай дыстрыбуцыі Steam. Падзеі «Crysis» развіваюцца ў выдуманай будучыні, у 2020 годзе, калі на востраве каля ўзбярэжжа Кітая быў выяўлены старажытны іншапланетны касмічны карабель. Адзіночная кампанія прапануе гульцу згуляць ролю байца спецатрада United States Delta Force Джэйка Дана (англ.: Jake Dunn) з пазыўным Качэўнік (англ.: Nomad). Качэўнік узброены рознай футурыстычнай зброяй і абсталяваннем, асабліва нанакасцюмам (англ.: Nano Muscle Suit). У Crysis гулец змагаецца з ваеннымі паўночнакарэйскай арміі і іншапланетнымі ворагамі ў чатырох розных лакацыях: у джунглях трапічнага вострава, усярэдзіне «Ледзяной сферы» (якая складаецца з тых самых джунгляў, толькі замарожаных), непасрэдна ўсярэдзіне касмічнага карабля (на якім пануе бязважкасць) і на амерыканскім авіяносцы. Гульнявы рухавік «Crysis», CryEngine 2, выкарыстоўвае новы API Direct3D 10 для рэндэрынгу графікі і ўключае гульнявы рэдактар узроўняў Sandbox 2, які выкарыстоўвала Crytek для стварэння гульні. 5 чэрвеня 2008 года быў анансаваны дадатак «Crysis Warhead». Ён быў выпушчаны 18 верасня 2008 года ў рознічным продажы і праз Steam. Пачатковыя лічбы продажаў, паводле агенцтва NPD Group, сведчылі пра тое, што гульню спасціг камерцыйны правал. Аднак падчас канферэнцыі «EA Q3 2008 Earnings Conference Call» было заяўлена, што ва ўсім свеце прададзена больш 1 млн копій гульні ў фінансавым квартале. На канец чэрвеня 2008 года было прададзена звыш 1,5 мільёнаў копій гульні па ўсім свеце.


Developed by StudentB